О названии города

Што ў імені тваім, мой родны горад Маладзечна?

У лёсе кожнага з нас ёсць дзве радзімы. Назву адной мы пішам з вялікай літары, яна пазначана на карце свету як Рэспубліка Беларусь. Другая жыве ў сэрцы і нярэдка называецца малой радзімай – гэта тое месца, дзе мы з’явіліся на свет і раслі, дзе спасцігалі мудрасць жыцця. Як кожны чалавек імкнецца «дакапацца» да сваіх каранёў, гэтак жа і нам, маладзечанцам, карціць даведацца, чаму менавіта такую назву носіць галоўны горад рэгіёну – Маладзечна.
Перш чым растлумачыць назву «Маладзечна», зазірнём у глыбіню стагоддзяў. Васямнаццаць тысячагоддзяў таму, калі ўсю Паўночную Еўропу займаў велізарны ляднік, а яго паўднёвы край даходзіў амаль да сучаснай Вілейкі, маладзечанская зямля была безжыццёвай пустэльняй, скаванай вечнай мерзлатой. Пазней наступіла пацяпленне, і ляднік стаў рухацца на поўнач, пакідаючы за сабой велізарныя азёры з прэснай вадой, на берагах якіх сталі з’яўляцца ўзвышшы з гліны, пяску і жвіру. Паступова азёры пад уздзеяннем кліматычных перамен мялелі, а рачулкі, якія прабіваліся праз адталую зямлю, сталі сцякаць у рэкі – Вілію і Бярэзіну. Расліннасць пачала займаць берагі і нізіны, ператвараючы іх у тарфяныя балоты. Зялёныя астраўкі і пагоркі аблюбавалі паўночныя алені, услед за імі прыйшлі першабытныя людзі. У выніку археалагічных раскопак, якія праводзіліся на тэрыторыі сучаснага Маладзечанскага раёна, былі выяўлены сляды іх кароткачасовых стаянак. З цягам часу першабытныя людзі навучыліся апрацоўваць камень і гліну, вырабляць гаспадарчыя прылады і каменныя сякеры. Дзякуючы апошнім з’явіліся першыя плаўсродкі – выдзеўбаныя з дрэва лодкі і чаўны, якія спрыялі рассяленню людзей водным шляхам. На рэках Бярэзіна і Вілія знаходзілася даволі шмат паселішчаў і стаянак, якія зафіксаваны археолагамі і адзначаны на сучасных картах. Актыўна асвойваліся і рачныя прытокі, у прыватнасці Уша, Рыбчанка і інш.
У пачатку ІІ тысячагоддзя да нашай эры настае новая эпоха – бронзавы век, з якім супадае перасяленне на тэрыторыю Беларусі плямёнаў культуры шнуравой керамікі. Пра гэта сведчаць рэшткі паселішчаў бронзавага веку па берагах рэк Бярэзіна, Уша, у тым ліку і на паўночнай ускраіне Маладзечна.
З сярэдзіны I тысячагоддзя на гэтай тэрыторыі пераважалі славянскія плямёны, якія прынеслі з сабой новую культуру і новыя адносіны. У IV-IX стагоддзях ужо нашай эры пачалі стварацца племянныя саюзы, якія аб’ядноўваліся ў тэрытарыяльныя вобласці. Адна з іх – Літва (гістарычная «калыска» старажытнай Беларусі), паўночная мяжа якой праходзіла праз Маладзечна (глядзі «Карту летапіснай Літвы» М. Ермаловіча).
Суседзямі літвінаў (ад Віліі на поўнач, у бок Полацка) былі плямёны крывічоў. Тым часам славянская культура атрымала сваю пісьменнасць. Паселішчы Літвы сталі фіксаваць свае назвы, якія ўжо склаліся.
Дарэчы, слова «Літва» ў перакладзе са стараславянскай мовы азначае «моцная вільгаць», альбо «лівень» і паходзіць ад слоў «ліць», «ліці». І гэта не дзіўна, калі паглядзець на карту межаў летапіснай Літвы: яны праходзілі па ланцугу Мінскага ўзвышша, Ашмянскай грады, Навагрудскіх узвышшаў і Турэцка-Пінскай лініі нізін. Верхняе Панямонне (басейн ракі Нёман) – раён інтэнсіўных атмасферных ападкаў).
У межах старажытнай Літвы мы часта сустракаем назвы паселі-
шчаў, у якіх коранем слова на стараславянскай мове з’яўляецца гор- (горо-) – гара, узвышша: Гарадок, Гародзькі, Гарадзішча, Гарадзілава і г.д. Сталіцай Літвы было паселішча-гарадзішча Рута. (У пісьмовых крыніцах пра Літву згадваецца імя князя Міндоўга, «які кіраваў Літвой у Руце»). У 1044 годзе кіеўскі князь Яраслаў Мудры пайшоў паходам на Літву, і побач з Рутай была пабудавана на гары новая сталіца – Новогородок (ново- і горо-).
За пяць кіламетраў ад новай сталіцы старажытнай Літвы знаходзіцца селішча Городечно (горо- і дечно-). У стараславянскім слоўніку даецца наступнае тлумачэнне выразу «дечно»: «тэрыторыя; прастора паміж чымсьці»; «месца размяшчэння чагосьці ці размяшчэння дзесьці». Такім чынам, Городечно (стараслав.) – гэта месца (тэрыторыя), размешчанае на гары (узвышшы). Як раней адзначалася, працэс рассялення плямёнаў праходзіў галоўным чынам водным шляхам, і на прытоку Нёмана, рацэ Бярэзіне, побач з цяперашнім горадам Валожынам, размешчана яшчэ адно Городечно (стараслав.).
А цяпер пройдзем яшчэ адным водным калідорам: Балтыйскае мора – рака Нёман – рака Вілія – рака Уша. Тут утварылася новае паселішча Молодечно (стараслав.). Што ж уяўляла сабою гэта месца?
На правым пясчаным беразе ціхай і паўнаводнай ракі Уша, уверх па цячэнні, быў дубовы гай, які раскінуўся там, дзе рака рабіла рэзкі выгіб і ўтварала выступ, ці мыс, калі ўжо карыстацца геаграфічнымі тэрмінамі. Левы бераг ракі Уша быў нізкім і забалочаным. Праз гай працякала невялікая рачулка-прыток. Менавіта тут у сярэдзіне I тысячагоддзя да нашай эры існавала гарадзішча – умацаванае паселішча. Маецца досыць звестак пра знаходкі на гэтай тэрыторыі каменных сякер, глінянага посуду і іншых прадметаў ужытку таго часу.
Пасяленцы, якія аблюбавалі гэта месца, відавочна, прыбылі водным шляхам, а значыць, валодалі марскімі тэрмінамі. Як на стара-
славянскай мове, так і на сучаснай рускай слова «мол» (стараслав.) азначае: «насып з пяску і камянёў у моры альбо на воднай гладзі». Выснова: Молодечно (стараслав. «мол» і «дечно») азначае «месца, размешчанае на моле».
У 1556 годзе каралева Вялікага Княства Літоўскага Бона Сфорца, асоба ў гісторыі Еўропы прагрэсіўная і неардынарная, пасля палацавага скандалу, звязанага з атручэннем нявесткі Барбары Радзівіл, з’язджае да сябе на радзіму ў Італію і ў горадзе Барыі пачынае будаўніцтва новага пірса Моло Ново («пірс» – уладкаваны прычалам мол).
Літва князя Міндоўга, паўночная мяжа якой праходзіла праз Маладзечна, з часам пераўтварылася ў Вялікае Княства Літоўскае, якое пасля вызначыла на некалькі стагоддзяў развіццё Усходняй Еўропы. На змену стараславянскай мове прыйшла старабеларуская, якая змянялася і ўдасканальвалася пад уплывам суседніх культур. З’явіліся новыя правілы напісання: літара «д» у некаторых словах стала спалучацца з «з» і «ж» («дз», «дж»), «о» пад націскам пераходзі-
ла ў «а». Такім чынам, «Молодечно» на беларускай мове стала гучаць як «Маладзечна». Гэта значэнне стала бліжэй да слоў «маладзець», «маладзейшы», гэта значыць, «маладзець», «малады», што ў стараславянскай мове пісалася і вымаўлялася, як «млад», «младе», «младено» – тут спалучэнні «ечн», «ечно» не ўжываюцца. Такім чынам, мы бачым, што ў перакладзе на беларускую мову назва «Молодечно» страціла першапачатковае значэнне.
Першае пісьмовае згадванне пра наш горад сустракаецца ў «Присяжном листе» князя Ноўгарад-Северскага княства ВКЛ Дзмітрыя Карыбута князю Ягайлу: «…а на крепость того листа привесили есмо нашу печать, абы то крепко сдержати неизрушисто никакими делы, а дана грамота в Молодечно в среду декабря 16 день о то ся коньчыла в лето божье 1388».
Дакумент датаваны XIV стагоддзем, калі старабеларуская мова яшчэ не была сфарміравана, такім чынам, словы «млад», «младе» і «моло», «дечно» не маюць агульнага лексічнага значэння.
Бліжэйшай версіяй паходжання назвы «Молодечно» можна лічыць тлумачэнне Генадзя Аляксандравіча Каханоўскага: «мала» і «надэчана», што ў перакладзе са старабеларускай азначае «малазмяшчальнае». Але старабеларуская мова сфарміравалася і паўстала са стараславянскай, а грамата, у якой упершыню згадваецца Маладзечна, была датавана 1388 годам і напісана на стараславянскай мове.
Быць вечна маладым – усеагульная мара, гэта натхняе на развіццё і стварэнне, але, як гаварыў Арыстоцель, «Платон мне друг, но истина дороже». Часам гісторыя падае нам нечаканыя ўрокі, і, можа быць, старажытны, але вечна малады горад Маладзечна атрымае новае тлумачэнне сваёй назвы, паколькі мае довады – толькі адна з версій, хоць і вельмі блізкая да праўды.
P.S. «Мол», ад якога пайшла назва «Молодечно» (стараслав.), з часам ператварыўся ў выспу, бо «капачы» (землякопы) пракапалі роў, які запоўніла вадой рака Уша. На выспе быў пабудаваны замак, з якім звязаны такія гучныя імёны, як Леў Сапега, Міхал Клеафас Агінскі, Напалеон Банапарт і іншыя, і падзеі (бітва Жыгімонта II Аўгуста і Івана IV Грознага, абарона горада ад войскаў шведскага караля Карла XII і іншыя). Дарэчы, імператар Францыі, адступаючы, пакінуў на маладзечанскай зямлі нарабаваныя ў Расіі золата і каштоўнасці (гэта таксама версія, і таксама вельмі блізкая да праўды).
У падрыхтоўцы артыкула выкарыстаны работы Міколы Ермаловіча, Генадзя Каханоўскага, Міхася Чарняўскага.
Мікалай ТАМАШЭЎСКІ,
кіраўнік аддзела дабрачыннага фонду «Паўночныя Афіны».

Share Button
Заметили ошибку в тексте? Выделите текст - нажмите Ctrl + Enter. Будем благодарны за помощь!